ГРУДЗІ́НАЎСКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ АНСА́МБЛЬ,

помнік архітэктуры позняга класіцызму. Створаны ў 1-й пал. 19 ст. ў в. Грудзінаўка (Быхаўскі р-н Магілёўскай вобл.) у маёнтку графа Д.Талстога. Цэнтр кампазіцыі — палац, размешчаны на вяршыні ўзгорка, на паўн.-ўсх. схіле якога пладовы сад, на паўн.-зах. — парк.

Палац — мураваны 2-павярховы квадратны ў плане, накрыты пакатым 4-схільным дахам і ўвянчаны купалам. У цэнтры гал. фасада выступае паўкруглая тэраса. Парк (пл. каля 6 га) пейзажнага тыпу з рэгулярнай партэрнай ч. перад палацам. Перад паўд.-зах. фасадам палаца партэр з глыбокім штучным вадаёмам з фантанамі (збярогся часткова) і дэкар. пасадкамі елкі калючай блакітнай, дуба звычайнага пірамідальнага, ліпы крымскай. У ландшафтнай ч. больш за 60 відаў дрэў і кустоў.

т. 5, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)